Жывая памяць

Казловіч Міхаіл Міронавіч нарадзіўся ў 1907 годзе ў вёсцы Горск. Прызваны ў Чырвоную армію ў маі 1941 г. Пружанскім РВК Брэсцкай вобласці. Прапаў без весткі падчас Вялікай Айчыннай вайны.

Зноў на двары май, цвітучы, святочны, 79 мірны май.  Хутка Дзень Перамогі, такі важны дзень для кожнай беларускай сям’і, бо вайна нікога не абыйшла бокам. У каго бацькі, дзяды ці прадзеды ваявалі на франтах і ў партызанах,  у каго родныя былі забітыя фашыстамі ці загінулі ад хвароб, падарваліся на мінах дзеці падчас вайны ці нават у пасляваенны час. Многа гора і страт прынесла тая страшная вайна. Не мінула яна і нашу сям’ю. Абодва мае дзяды ваявалі на франтах Вялікай Айчыннай. Кугач Міхаіл Пацеевіч з вёскі Рыгалі (1910 г. н.) быў прызваны ў 1944 годзе, служыў у 29-й стралковай брыгадзе, вярнуўся дамоў кантужаны, з цяжкім раненнем.  Казловіч Міхаіл Міронавіч з вёскі Горск быў прызваны на ваенныя зборы Пружанскім райваенкаматам у маі 1941 года, таму ўжо з першага дня вайны ён апынуўся ў дзеючай арміі. Але, на жаль, ніякіх звестак аб ім наша сям’я не мела, акрамя апавяшчэння, дзе значылася, што дзед прапаў без вестак. А яшчэ ўспаміны,  быццам нехта з тых салдатаў-землякоў, хто адступаў разам з дзядуляй, пасля вайны расказаў, што падчас налёту варожых самалётаў байцы пападалі ў жыта, а пасля, калі ўсе сабраліся, дзеда з імі ўжо не было. Вядома, што шукаць параненых і загінуўшых не было магчымасці, улік страт у той цяжкі час ніхто не вёў.

Дзень Перамогі  ў нашай сям’і заўсёды святкаваўся  з пачуццём смутку. Мой тата, Мікалай Міхайлавіч Казловіч, успамінаў, як цяжка жылося без бацькі. Бабуля гадавала адна трох дзяцей, адзін хлопчык памёр ад запалення лёгкіх падчас вайны. Тата быў тады малы, але ён запомніў, як галасіла маці, ідучы за возам з труной, што не зберагла сыночка. Не атрымала яна ні аднаго пісьма з фронту, ніводнай вестачкі, але жыла надзеяй, што муж вернецца. Можа,  трапіў у палон ці ляжыць дзе ў шпіталі. Але гады ішлі, дзед не вярнуўся, і звестак аб ім ніякіх больш не было…

Калі мы, унукі (а нас у дзядулі чацвёра) выраслі, то пачалі прадпрымаць спробы знайсці звесткі пра яго. Старэйшы ўнук неаднаразова пасылаў запыты ў Цэнтральны архіў Міністэрства абароны Расійскай Федэрацыі,  але адказ быў адзін — прапаў без вестак у ліпені 1941 года.

Калі ў інтэрнэце з’явіўся абагульнены электронны банк даных Міністэрства абароны РФ «Мемарыял», была надзея, што там знойдуцца нейкія новыя звесткі, але яна не спраўдзілася.

Час не стаіць на месцы, у Расіі вядзецца вялікая работа па ацыфроўцы дакументаў ваеннага часу. І вось ужо ў адкрытым доступе электронныя базы даных Міністэрства абароны РФ «Памяць народа» і «Подзвіг народа». Колькі людзей знайшлі там інфармацыю пра сваіх герояў! Вялікі дзякуй арганізатарам і ўсім, хто займаецца гэтай вялікай справай.  Якое шчасце было  знайсці дакументы, якія сведчаць, што наш дзядуля ў 1942 годзе  служыў у  39-й асобнай запасной роце сувязі 89-га запаснога  стралковага  палка 32-га стралковага батальёна ў горадзе Алма-Аты, што быў адпраўлены на фронт 14 лістапада 1942 года з камандай 1664. Гэта значыць, што ў 42-м ён яшчэ быў жывы, што не загінуў і не трапіў у палон летам 1941! З’явілася надзея прасачыць баявы шлях дзеда, адшукаць месца, дзе ён загінуў.

У 2020 годзе на сайце «Памяць народа» з’явілася новая інфармацыя: «Козлович Михаил Миронович, сержант, 218 гв. сп (1313 сп). Выбытие из воинской части:  17.12.1942.   Куда выбыл: ранен». Не перадаць, якую радасць і смутак выклікала ў нас гэтая інфармацыя! Радасць, што стала вядома аб яшчэ адным месяцы жыцця дзеда, смутак, што менавіта гэтае раненне магло каштаваць яму жыцця. У інтэрнэце знаходжу: 218 гвардзейскі стралковы полк (1313 сп) у складзе 77-й гвардзейскай стралковай Чарнігаўскай дывізіі з 5 верасня 1942 г. па 2 лютага 1943 г.  прымаў удзел у абарончай  і наступальнай аперацыях Сталінградскай бітвы. З 8 снежня 1942 года дывізія вяла наступленне на вышыню 126.7 Казачы Курган каля населенага пункта Пескаватка Гарадзішчанскага раёна Сталінградскай вобласці. 16-17 снежня наступлення на вышыню не было, палкі дывізіі вялі агнявы бой з праціўнікам. Магчыма, у гэтым баі і быў ранены сяржант Казловіч? Можа, ляжыць ён дзесьці  пад Сталінградам у безыменнай магіле? На жаль, да гэтага часу больш пра дзеда нічога не вядома…

Колькі іх, прапаўшых без вестак,  пахаваных без воінскіх ушанаванняў! Але яны жывыя ў памяці дзяцей, унукаў, праўнукаў. У нашага дзядулі сем праўнукаў, прапраўнучка. Калі мяне пытаюць, у каго мае сыны такія высокія, я кажу: «У дзеда Мы́халка. Ён жа ў нас быў пад два метры ростам, у хату заходзіў, нагінаючыся». Даваенныя фотаздымкі дзеда вісяць на сцяне бацькоўскай хаты ў Горску, а на месцы дзедавай сядзібы расце маладая бяроза, якая вясной зноў зазелянела. Яна жывая, як жывая наша памяць пра дзеда, якога мы ніколі не бачылі, але не губляем надзеі пабываць усёй сям’ёй на месцы яго пахавання.


Май 2024 г.
Ала Мікалаеўна Гук, метадыст аддзела
бібліятэчнага маркетынгу Бярозаўскай ЦРБ